У КУВСП імя Маркава праводзяць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі

Сельское хозяйство

Механізатары Канстанцін Руткоўскі і Арцём Міхалевіч
Механізатары Канстанцін Руткоўскі і Арцём Міхалевіч

У сваю чарговую паездку па сельгаспрадпрыемствах мы накіраваліся ў КУВСП імя Маркава. У цэнтры ўвагі на гэты раз стала работа, якая праводзіцца ў гаспадарцы па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, і гатоўнасць машынна-трактарнага парку перад пачаткам вясенне-палявых работ. Як ладзяцца справы ў гэтым накірунку, мы ўласна ўпэўніліся, калі трапілі ў механічныя майстэрні аграгарадка Радзюкі.

На тэрыторыі двара людзей, акрамя дыспетчара, мы не сустрэлі, таму адразу пайшлі ў майстэрні. Тут стаялі два энерганасычаныя МТЗ-3022, МТЗ-1221, бензавоз, корманарыхтоўчы камбайн Ягуар, іншая тэхніка, побач былі і механізатары. Убачыўшы знаёмага трактарыста Канстанціна Руткоўскага, падыйшлі да яго.

— На МТЗ-3022, на якім я працую, маюцца некаторыя паломкі ў рухавіку, — кажа малады механізатар. — Яны хоць і не вельмі значныя, але пакуль няма грашовых сродкаў для набыцця запасных частак. Пры іх наяўнасці свайго “сталёвага каня” я пастаўлю на лінейку гатоўнасці за некалькі дзён, а пакуль трэба даводзіць да ладу пасяўны агрэгат.

Побач з Канстанцінам каля МТЗ-1221 завіхаўся Арцём Міхалевіч. Зняўшы капот, ён закручваў гайкі на рухавіку. Рамонтнымі работамі займаліся і іншыя механізатары.

Каваль Аляксандр Іосіфавіч Туронак
Каваль Аляксандр Іосіфавіч Туронак

У мехмайстэрнях аддзялення “Рассвет” за работай мы сустрэлі каваля Аляксандра Туронка. У кузні ён рабіў наканечнікі для культыватараў. Нягледзячы на тое, што мужчына ўжо дзесяць год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён не кідае сваю працу.

— Ведаеце, дома, асабліва зімой, сумна, а хочацца заняцца нейкай справай, — кажа Аляксандр Іосіфавіч. — Вось таму і ніяк не магу пакінуць сваю кавальскую працу ў гаспадарцы. Цяпер ніхто з моладзі такой справай на вёсцы амаль не займаецца, а між іншым, без каваля ў сельскай гаспадарцы не абыйсціся. І зімой, і летам работы для мяне хапае. Асаблівая прыпарка падчас вясенняй пасяўной і ўборачнай кампаній. Паломкі тэхнікі і агрэгатаў здараюцца вельмі часта, таму я вырабляю некаторыя запчасткі: наканечнікі для культыватараў, зубы для барон. Акрамя таго праводжу электрагазазварачныя, такарныя работы.

Пра стан спраў па гатоўнасці тэхнікі нам паведаміў галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Толкач.

— Да вясенне-палявых работ цяпер рыхтуем глебаапрацоўчую тэхніку, — паведаміў спецыяліст. — Амаль адрамантаваныя чызелі, культыватары, счэпкі барон. За выдзеленыя грашовыя сродкі набылі запасныя часткі і расходныя матэрыялы для агрэгатаў “Раса”. У хуткім часе паставім на лінейку гатоўнасці пасяўны агрэгат АПП6-А. На сяўбе таксама будуць задзейнічаны агрэгат Лемкен і сеялка СЗТ-5,4.

У спраўным стане знаходзяцца трактары К-701, К-744. Яшчэ адзін “Кіравец” будзе адрамантаваны, калі будуць у наяўнасці грашовыя сродкі для аплаты за рамонт рухавіка Віцебскаму маторарамонтнаму заводу. Тут вельмі шмат цяжкасцей. Адзін з трох энерганасычаных МТЗ-3022, якія маюцца ў гаспадарцы, сёлета наўрад ці будзе задзейнічаны ў пасяўной кампаніі. Патрабуе вялікіх фінансавых затрат рамонт рухавіка “Дэтройт”, які ўсталяваны на трактары. Мяркуйце самі, толькі новыя фарсункі для яго гаспадарцы абыйшліся на суму 7 тысяч рублёў. Трэба замяніць яшчэ і каленчаты вал, іншыя вузлы і агрэгаты. На жаль, амаль усе пытанні ўпіраюцца ў адсутнасць фінансавых сродкаў. Але ж будзем спадзявацца, што пасяўную кампанію мы абавязкова распачнём у тэрмін, бо задачы і існуюць для таго, каб знаходзіць для іх рашэнне.

Сяргей РАЙЧОНАК.