
Задача сельскага сейбіта — вырошчваць хлеб і іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Якое б ні было надвор’е, а прыходзяць аптымальныя тэрміны і трэба закладваць аснову будучаму ўраджаю. Год на год не прыходзіцца. У адзін — урадзіла адна культура, у наступны — спрыяльныя ўмовы складваюцца для росту іншай. Да прыкладу, апошнія гады шмат увагі ўдзяляецца азімаму рапсу. Пасеяная з захаваннем тэхналогіі культура, дае добры ўраджай, а значыць, і прыбытак. Сёлета, калі б прыродныя катаклізмы не паблыталі пасевы ў час даспявання, то ўраджай атрымалі б выдатны. Праўда, многім гаспадаркам гэта ўдалося. Яны атрымалі добрую прыбаўку грашовых сродкаў.
Сёлета трэба пасеяць па раёне азімы рапс на плошчы 2400 гектараў. Аптымальныя тэрміны яго сяўбы з 4 па 20 жніўня. Як правільна і якое насенне загарнуць у глебу, якія выкарыстоўваць папярэднікі, меры барацьбы з хваробамі і шкоднікамі. Усе гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі спецыялісты раслінаводчай галіны ўпраўлення райсельгасхарчу з кіраўнікамі і галоўнымі аграномамі гаспадарак раёна на выязным семінары ў ААТ “Даватарскі”.

На меліярыраваным участку ў 90 гектараў за вёскай Амбросенкі да самага балота быў папар. Унеслі гліфасаты, правялі лушчэнне, заправілі глебу калійнымі і фосфарнымі ўдабрэннямі. Два сляды зрабілі дыскавымі баронамі, прайшоў дыскатар АД-600, затым сеялкай АПП-6 пасеялі культуру.
На практыцы былі паказаны ўсе тэхналагічныя прыёмы сяўбы гэтай важнай алейнай культуры.
Кацярына СОСНА