Сёлетняя зіма, на жаль, не парадавала нас траскучым марозам ды бялюткім снегам, але ж народныя традыцыі з-за гэтага ніхто не адмяняў. Гэта адносіцца да свята Масленіцы, якое беларусы адзначаюць напрыканцы зімы, радасна, з песнямі, танцамі сустракаюць прыход вясны.
Доўгачаканую Масленіцу сустракалі і жыхары аграгарадка Вялікае Сяло. Работнікі культуры, а таксама мясцовага сельгаспрадпрыемства на святочна ўпрыгожанай падводзе праехалі па населеным пункце, запрашаючы на свята. Пажылыя людзі, моладзь сабраліся на пляцоўцы каля сельскага клуба, дзе гучала вясёлая, бадзёрая музыка.
Пазітыўны настрой сваімі песнямі ды прыпеўкамі стваралі не толькі мясцовыя самадзейныя артысты, але і запрошаныя госці з Шаркаўшчыны, Наваселля, Радзюкоў. Шмат жадаючых было паспрабаваць свае сілы і веды ў разнастайных конкурсах на масленічную тэматыку. Побач з канцэртнай пляцоўках пяклі духмяныя блінцы, пах яд якіх разносіўся па ўсяму аграгарадку. Тут жа работнікі Дома ганчара прапанавалі ўсім жадаючым пагуляць у бяспроігрышную латарэю, за што кожны атрымліваў гліняныя посуд, цацкі.
Кульмінацыяй свята стала спальванне чучала Масленіцы. Лічыцца, што са спальваннем людзі пазбаўляюцца ад хвароб, нястач, усяго адмоўнага, што мела месца ў мінулай зіме. Попел разлятаўся па наваколлі, каб даць жыццё новаму ўраджаю.
Да самага вечара гучала музыка ў Вялікім Сяле, жыхары якога праводзілі зіму і з радасцю віталі чаканы прыход прыгажуні-вясны.
Сяргей РАЙЧОНАК.