“Прыйшлі Грамніцы — кідай рукавіцы!” У раённым цэнтры рамёствам дзецям расказалі пра свята народнага календара

Общество

IMG_5886 (Копировать)15 лютага ў раённым цэнтры рамёстваў прайшло цікавае мерапрыемства для дзяцей пад назвай “Прыйшлі Грамніцы — кідай рукавіцы!”. Метадыст РЦР па фальклоры Алёна Сухаверская рассказала вучням шостага класа сярэдняй школы № 1 пра свята народнага каляндара. Дзеці даведаліся, што Грамніцы, альбо Стрэчанне, з’яўляюцца галоўным традыцыйным святам месяца. Католікі адзначаюць яго 2 лютага, праваслаўныя — 15-га. Але карані свята, безумоўна, сягаюць у дахрысціянскія часы. Мяркуецца, што назва паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці.
Другая назва свята — Стрэчанне (ад царкоўна-славянскага «Сретенье») у хрысціянстве знаменавала сустрэчу Сімяона з Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў, а ў народзе тлумачылася як сустрэча зімы з летам.
Гэта свята свечкі і “жывога” агню, які здабывалі ў гэты дзень трэннем дзвюх сухіх галінак ці дошчачак. Такі агонь лічыўся моцным абярэгам, дапамагаў абараніцца ад злых духаў.
Асвечаныя ў гэты дзень грамнічныя свечкі запальваюць дома і ва ўсіх будынках сядзібы. Імі выпальваюць крыжы, каб засцерагчы іх ад нябесных стыхій, а ў дзяцей і свойскіх жывёл з перасцярогай крыжападобна засмальваюць кончыкі валасоў на галовах — для абароны ад нячыстай сілы і ведзьмароў. Свечкі пакідаюць у хлявах кнотам уніз, трымаюць за абразамі на покуце, запальваюць у час навальніцы, пры першым выгане кароў на пашу, а таксама на Вялікдзень, Дзяды, падчас каляднай куцці, кладуць у рукі нябожчыку. А даўней з грамнічнымі свечкамі пачыналі ўсялякую важную справу: бралі з сабою на засеўкі, пачыналі ворыва, жніво, малацьбу, касьбу і іншыя работы, а таксама сустракалі новароджанага, адпраўлялі сваяка ў далёкі шлях або ў армію. Большасць гэтых звычаяў у вёсках захоўваецца і цяпер.
Згодна з павер’ямі, гэты абярэг мог засцерагчы ад удару маланкі ў хату. Перад навальніцай людзі заўжды запальвалі грамнічную свечку і выстаўлялі яе ў акно з таго боку, з якога ішлі грымотныя хмары.
Таксама намеснік дырэктара па народнай творчасці Шаркаўшчынскага РЦК Вікторыя Дубоўская расказала дзецям пра выставу клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Талака”, якая праходзіць цяпер у цэнтры.
Пасля гэтага вучні з задавальненнем паглядзелі прадстаўленне батлейкі “Пра гаспадара Хвядоса, яго жонку, іх дачок Насту і Хвеську”.
Алена АНАНІЧ.

IMG_5846 (Копировать) IMG_5848 (Копировать) IMG_5849 (Копировать) IMG_5850 (Копировать) IMG_5854 (Копировать) IMG_5857 (Копировать) IMG_5858 (Копировать) IMG_5861 (Копировать) IMG_5866 (Копировать) IMG_5876 (Копировать) IMG_5881 (Копировать)