У раённым цэнтры рамёстваў прайшло адкрыццё незвычайнай выставы. Аўтары твораў — пажылыя глыбачане

Общество

адкрывае выставу Вольга Шаўчонак
адкрывае выставу Вольга Шаўчонак

Як вядома, у раённым цэнтры рамёстваў, дзе пастаянна праходзяць разнастайныя выставы творчых работ мясцовых майстроў, воку наведвальніка прадстаўлены не толькі вырабы супрацоўнікаў установы, таленавітых шаркаўчан, але яшчэ ладзяцца выставы работ майстроў з суседніх рэгіёнаў.
Адна з такіх, а менавіта выстава мастацкіх работ ўдзельнікаў аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Глыбоцкага раёна, адкрылася ў канцы сакавіка ў раённым цэнтры рамёстваў.
Усе, хто ў дзень адкрыцця выставы прыйшоў у РЦР, змог не толькі ўважліва разгледзець прадстаўленыя творы, але і з вуснаў саміх аўтараў даведацца пра іх стварэнне. Вольга Шаўчонак, якая ўзначальвае дадзенае аддзяленне ТЦСАН, падрабязна рассказала пра дзейнасць сацыяльнай установы, інтарэсы і захапленні ўдзельнікаў.
— Асноўная задача нашага аддзялення — дапамагчы сталым людзям пераадолець адзіноту, напоўніць жыццё новым сэнсам, стварыць умовы для раскрыцця творчага патэнцыялу, — сказала Вольга Леанідаўна. — На сённяшні дзень аддзяленне наведваюць 70 чалавек, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту. Тут кожны знаходзіць сабе занятак па душы. Некаторыя займаюцца на спартыўных трэнажорах, іншыя малююць, вяжуць, вышываюць, ствараюць мадэлі адзення для жанчын. Ніхто з нашых наведвальнікаў не сядзіць без справы.
Наша аддзяленне існуе толькі пяць год, але мы ўжо ладзілі шматлікія выставы мастацкіх работ у Глыбокім, супрацоўнічаем са сваімі калегамі з Докшыц, Пастаў, Ушач. Вельмі рады, што цяпер трапілі ў Шаркаўшчыну. Спадзяёмся, што і ў далейшым будзем абменьвацца выставамі.
Любы жадаючы можа наведаць выставу, якая адкрыта ў раённым цэнтры рамёстваў, каб убачыць хараство, створанае таленавітымі людзьмі Глыбоччыны.
Сяргей РАЙЧОНАК.