У КУВСП «Гарадзец» пачалася пасяўная кампанія

Сельское хозяйство

механізатар Аляксандр Морхат
механізатар Аляксандр Морхат

Сёлетняя ранняя вясна вельмі хутка пачала ўваходзіць у свае правы. Пад сонечнымі яркімі промнямі прасыхае глеба на палях, а ветрык-сухавей прыспешвае гэты працэс, нібы падганяе хлебаробаў, каб тыя хутчэй выводзілі тэхніку на палі і пачыналі сеяць зерне.
Не прыпомняць такога ранняга выезду ў поле працаўнікі КУВСП “Гарадзец”. І хоць вядома, што гэта сельгаспрадпрыемства адным з самых першых у раёне пачынае вясенне-палявыя работы, тым не менш, нават тут хлебаробы з вялікім стажам работы не памятаюць, каб ужо 17 сакавіка сеялі зерне.
У гэты дзень мы і трапілі ў аддзяленне Верацеі, дзе ва ўрочышчы Беразнянка працавала гарадзецкая тэхніка. На трох участках палёў у пяць, два і адзіннаццаць гектараў папярэдне ўнеслі карбамід, суперфасфат і калій у адпаведных прапорцыях. Гэту працу выканалі механізатары Расціслаў Жынгель і Яўгеній Агрызка. Затым Андрэй Урублеўскі на К-700 у счэпе з чызельным культыватарам КЧ-7,2 зрабіў першую перадпасяўную апрацоўку глебы. Другую на МТЗ-1221 у счэпе з камбінаваным глебаапрацоўчым агрэгатам АКШ-6,0 правёў Артур Салькевіч. Ганаровае права першым загарнуць насенне ў глебу выпала перадавому механізатару гаспадаркі Аляксандру Морхату. Пад пільнымі і ўсхваляванымі позіркамі дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандра Маркевіча і галоўнага агранома Святланы Гаранінай Аляксандр, загрузіўшы сеялку “Лемкен” насеннем аўсу з пелюшкай, рушыў на МТЗ-2022, пакідаючы за сеялкай роўны след. Пачатак добрай справе пакладзены, пасяўная кампанія пачала свой адлік.
Галоўны тэхнолаг палёў КУВСП “Гарадзец” Святлана Гараніна расказала нам пра далейшы ход пасяўной у гаспадарцы і планах па яго рэалізацыі:
— Усяго па сельгаспрадпрыемстве яравымі зерневымі плануецца засеяць 2.342 гектары. З іх 1.038 гектар складзе ячмень, 314 — яравая пшаніца, 437 гектараў адводзіцца пад зернебабовыя, 150 гектараў зойме яравы рапс, 400 — кукуруза, аднагадовыя травы — 100 гектараў. Акрамя гэтага, як і кожны год, будзе пасаджана 50 гектараў бульбы і 6 гектараў іншай гародніны. Насення, з улікам страхавога фонду, маем у дастатковай колькасці. Трэба толькі дакупіць насення гародніны і часткова рапсу. Як бачыце самі, сёлета сяўбу мы пачалі менавіта з зернесумесі, бо яна не так адчувальна пераносіць перапады тэмператур, а капрызы надвор’я яшчэ могуць унесці свае пэўныя карэктывы ў ход пасяўной кампаніі. Цяпер галоўнае, каб у дастатковай колькасці хапала гаручазмазачных матэрыялаў для тэхнікі і радавала надвор’е. А што да людзей, то кожны работнік адказна і сумленна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў. Бо вядома, што веснавы дзень год корміць.
Сяргей РАЙЧОНАК.

механізатар Артур Салькевіч
механізатар Артур Салькевіч

IMG_0012 IMG_0018 IMG_0019 IMG_0022У



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *